Творчае аб’яднанне “ЛІМОН” прадстаўляе…
З верасня 2007 года ў Ждановіцкай сярэдняй школе выходзіць школьная газета “ЛІМОН”. Назва – гэта абрэвіятура, якая расшыфроўваецца так: Літаратура, Інфармацыя, Меркаванні, вОдгукі, Навіны. Такім чынам, назва выдання кажа сама за сябе і дае ўяўленне пра тое, якія матэрыялы выходзяць на яго старонках.
Ідэя заснавання школьнай газеты належыць Кацярыне Станіславаўне Хадасевіч-Лісавой, чалавеку, які мае непасрэднае дачыненне да літаратурнай і публіцыстычнай дзейнасці. Кацярына Станіславаўна працуе ў Ждановіцкай сярэдняй школе настаўніцай, з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, як пазаштатны карэспандэнт супрацоўнічае з некалькімі рэспубліканскімі выданнямі. Яна здолела зацікавіць дзяцей журналісцкай дзейнасцю, сфарміравала творчы калектыў.
У склад рэдкалегіі і ў калектыў пазаштатных аўтараў газеты “ЛІМОН” уваходзяць школьнікі розныя па ўзросце і па інтарэсах. На старонках газеты публікуюцца, напрыклад, тыя, хто спрабуе свае сілы на літаратурнай ніве, выбіраючы прозу ці паэзію, альбо робіць першыя крокі ў прафесіі журналіста. Тэматычныя раздзелы прадстаўляюць шмат магчымасцяў для творчасці вучняў.
Творы школьнікаў публікуюцца ў рубрыцы “Літаратура”. На старонках газеты выходзяць вершы, апавяданні, казкі, замалёўкі, якія пішуць дзеці.
У рубрыцы "Інфармацыя" карэспандэнты школьнай газеты галоўным чынам даюць анонсы будучых мерапрыемстваў, запрашаюць да ўдзелу ў конкурсах.
Свой пункт гледжання ў рубрыцы "Меркаванні" могуць выказаць аўтары, неабыякавыя да розных праблем і пытанняў.
Карыстаецца папулярнасцю частка "Водгукі". Дзеці пішуць невялікія матэрыялы-водгукі, у якіх выкладаюць свае ўражанні аб правядзенні школьных мерапрыемстваў, акцый, творчых сустрэч.
Рубрыка "Навіны" знаёміць чытачоў з апошнімі падзеямі школьнага жыцця, дзейнасцю дзіцячых і моладзевых арганізацый, раённымі мерапрыемствамі.
Школьная газета "ЛІМОН" запатрабаваная ў чытачоў. Самыя цікавыя матэрыялы публікуюцца на школьным інтэрнэт-сайце, таксама на сайце раённага камітэта "БРСМ" і ў раённай газеце “Прысталічча”.
Юныя карэспандэнты і кіраўнік творчага аб’яднання ўдзельнічаюць у конкурсах, форумах, мерапрыемствах, па выніках якіх скарбонка гуртка папаўняецца дыпломамі раённага, абласнога і міжнароднага ўзроўняў.
Часам юныя журналісты здымаюць відэасюжэты для школьнага інфармацыйнага канала “ЛІМОН-ТБ”. Праграмы былі прадстаўлены на абласных форумах дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў і творчасці ў 2011 і 2012 гадах.
За час існавання творчага аб’яднання ўжо некалькі выпускнікоў школы абралі журналістыку сваёй прафесіяй. Дзеці на справе змаглі блізка пазнаёміцца з гэтай сферай дзейнасці і паспрабаваць у ёй уласныя сілы.